Пасольства ЗША ў Беларусі пацвярджае, што ў амерыканскай актрысы Стэфані Пан не было беларускай візы.
Часовы павераны ў справах ЗША Джонатан Мур так пракаментаваў БелаПАН яе затрыманне: "Мы рэкамендуем амерыканскім грамадзянам атрымліваць візу да паездкі ў Беларусь. МЗС Беларусі раней тлумачыла нам, што грамадзяне ЗША, як правіла, не могуць атрымаць візу ў аэрапорце ў Мінску".
Дж.Мур не стаў каментаваць, калі амерыканская актрыса, якая жыве ў Нідэрландах, зможа накіравацца дадому, спасылаючыся на тое, што гэта "падрабязнасці асабістых планаў".
Як БелаПАН паведамляў раней, у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" 5 кастрычніка былі затрыманы дзве замежныя актрысы — амерыканка Стэфані Пан і аўстралійка Эстэр Мугамбі.
Паводле інфармацыі кіраўніка "Свабоднага тэатра" Мікалая Халезіна, яны прыляцелі ў Беларусь для ўдзелу ў рэпетыцыях праекта беларускага незалежнага калектыву і мелі турыстычную візу.
Аднак, як заявіў БелаПАН начальнік прэс-цэнтра Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка, замежныя грамадзянкі не былі прапушчаны на тэрыторыю Беларусі, бо прыбылі без віз.
Нагадаем, летась васьмі замежным артыстам, якія мелі намер прыехаць у Беларусь для ўдзелу ў праекце "Свабоднага тэатра", пасольства Беларусі ў Нідэрландах адмовіла ў выдачы віз. Спачатку адмовы атрымалі кіраўнікі міжнароднай групы школы мастацтваў DasArts, якія 22 жніўня 2007 года ў Мінску былі арыштаваны на прэм'еры "Свабоднага тэатра", а пазней — усе астатнія акцёры, паведамляе БелаПАН.






