З 1 кастрычніка любімая маленькімі тэлегледачамі і іх бацькамі калыханка ў перадачы "Калыханка" на канале ЛАД саступіла месца іншай песні. Пад радкі "Пакрысе на расе засыпаюць зоркi-сплюшкi…" Генадзя Бураўкіна на музыку Васіля Раінчыка, якія больш за 20 гадоў гучалі ў праграме, вырасла не адно пакаленне дзятвы.
Як тлумачаць у Белтэлерадыёкампаніі, замена выклікана неабходнасцю абнаўлення перадачы. Неафіцыйна там жа паведамляюць, што гэта зроблена для выканання падтрыманай прэзідэнтам піяр-кампаніі Ірыны Дарафеевай "Твар Беларусі". Менавіта гэта спявачка і выконвае калыханку.
БелаПАН звярнуўся па каментар да аўтараў новай песні да "Калыханкі" заслужанага артыста Беларусі, кампазітара Ізмаіла Капланава і паэта-песенніка Алега Жукава.
На пытанне, да каго ў думках звярталіся вы, працуючы над гэтай песняй, А.Жукаў адказаў:
"Першае, што прыходзіць у галаву, гэта мае ўласныя дзеці. Таму што любоў да дзяцей бязмежная, для любога бацькі гэта тое пачуццё, якое не заменіш іншым. А з узростам гэта распаўсюджваецца на ўсіх дзетак, гэтых кірпатых, з коскамі — кожнага хочацца абняць, прытуліць. І таму калі было вырашана зрабіць калыханачку, канешне, я ўклаў усё сэрца і душу. Можа, вы гэта нават адчуваеце…"
І.Капланаў:
"Водгукі, натуральна, розныя — шмат станоўчых, у дзіцячай рэдакцыі на тэлебачанні мне сказалі, што рэйтынг даволі высокі, усё добра. Але ёсць людзі, для якіх наша песня нязвыклая.
Калі гаварыць аб тым, што зрабілі некалі Бураўкін і Раінчык, дык гэта была цудоўная калыханка. Яна гучала амаль 20 гадоў, пад яе засыналі пакаленні дзяцей, і калі наша з Алегам калыханка пратрымаецца хоць бы чвэрць таго часу, мы будзем самымі шчаслівымі людзьмі на гэтай зямлі", паведамляе БелаПАН.






