З 13 па 18 кастрычніка ў сталічным відэакомплексе "Цэнтр-відэа" пройдзе рэтраспектыўны паказ фільмаў Федэрыка Феліні.
Як паведамілі ў "Цэнтр-відэа", паказ адкрыецца драмай "Рэпетыцыя аркестра" (1979). Фільм распавядае аб канфлікце дырыжора і сімфанічнага аркестра падчас рэпетыцыі, якая ператварылася ў "звярынае шаленства". Карціна будзе дэманстравацца 13 і 14 кастрычніка.
15—16 кастрычніка адбудзецца паказ драмы "І карабель плыве…" (1983), удастоенай прыза "Давіда і Данатэла" за лепшы фільм, а таксама ўзнагароды Італьянскага нацыянальнага сіндыката кінажурналістаў за рэжысуру, аператарскую працу, дызайн касцюмаў, за агульны дызайн фільма і спецэфекты. Дзеянне карціны разгортваецца ў ліпені 1914 года на караблі "Глорыя Н." з дзіўнымі пасажырамі на борце, якія суправаджаюць прах опернай дзівы Эдме Тэтуа. Па шляху на востраў, дзе нарадзілася спявачка, карабель падабраў сербаў-бежанцаў, якія пацярпелі караблекрушэнне. Сустрэты ў моры аўстра-венгерскі браняносец запатрабаваў выдачы сербаў, і паміж караблямі завязалася бітва…
17—18 кастрычніка будзе паказана рамантычная камедыя "Джынджэр і Фрэд" (1985), удастоеная Гран-пры Маскоўскага міжнароднага фестывалю і прыза "Сярэбраная стужка" Італьянскага нацыянальнага сіндыката кінажурналістаў. У цэнтры фільма — сустрэча ўдзельнікаў славутага ў свой час танцавальнага італьянскага дуэта праз шмат гадоў пасля таго, як прайшла іх папулярнасць. Былыя зоркі ўспамінаюць маладосць, пераасэнсоўваюць мінулае, размаўляюць адзін з адным з дапамогай танца, паведамляе БелаПАН.






