20-11, 10:17

Выстава жывапісу мастачкі Тамары Дауд "Мая любімая Беларусь" адкрылася ў Мінску

Выстава жывапісу і графікі мастачкі Тамары Дауд "Мая любімая Беларусь" адкрылася 19 лістапада ў мінскай штаб-кватэры "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

У экспазіцыі прадстаўлена 26 нацюрмортаў, пейзажаў, сюжэтных работ і замалёвак, выкананых у розных стылях, у тым ліку наіўным, рэалістычным, сюрэалістычным і супрэматычным.

Адкрываючы выставу, яе куратар, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага гісторыка-культурнага запаведніка "Заслаўе" Юрась Малаш зазначыў, што мастачка нарадзілася ў Салігорску (Мінская вобласць) у 1968 годзе ў сям'і інжынера і настаўніцы беларускай мовы, на выдатна скончыла мясцовую дзіцячую мастацкую школу. Пасля заканчэння Мінскага радыётэхнічнага інстытута працавала інжынерам-праграмістам, швачкай і бухгалтарам. З 1994 года захапілася алейным жывапісам, які пасля цяжкай хваробы стаў яе лепшым лекарам, сказаў Ю.Малаш.

Паводле яго слоў, сярод захапленняў мастачкі — кананічны мангольскі, кітайскі традыцыйны і народны жывапіс, рускі лубок, вышыўка, роспіс на тканіне, кераміцы, дрэве і шкле. Сваю творчасць Т.Дауд прадстаўляла ў Беларусі (Мінск, Заслаўе, Віцебск) і Расіі (Масква, Ульянаўск, Іванава). Яе работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Бельгіі, Бутане, Германіі, Індыі, Непале, ЗША, Францыі.

Паводле меркавання паэта Генадзя Гучка, малюнкі мастачкі, у тым ліку прысвечаныя асэнсаванню трагедыі Чарнобыля, маглі б стаць выдатнымі ілюстрацыямі для кніжных выданняў.

Пісьменнік і грамадскі дзеяч Эрнест Ялугін прапанаваў Т.Дауд стварыць характэрны вобраз беларуса з яго адвечным імкненнем да свабоды і справядлівасці, а кандыдат мастацтвазнаўства Аляксей Хадыка мяркуе, што ў мастачкі лепш за ўсё атрымліваюцца работы, у якіх развіваюцца традыцыі беларускага маляванага дывана.

Выстава працуе да 20 снежня, паведамяляе БелаПАН

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя