23-04, 20:37

Вячаслаў Сіўчык асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту

Палітык і грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне 23 красавіка прыняў раённы суд у Старых Дарогах.

Вячаслаў Сіўчык, які ўзначальвае мемарыяльнае аддзяленне “Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, быў затрыманы 23 красавіка каля будынка суда Маскоўскага раёна Мінска супрацоўнікамі міліцыі Старых Дарог. Яны даставілі грамадскага дзеяча ва ўпраўленне ўнутраных спраў раённага цэнтра, дзе прад'явілі абвінавачанне ў правапарушэнні па арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання). Пасля таго як В.Сіўчык даў у міліцыі тлумачэнні, яго накіравалі ў суд.

Абвінавачанне звязана з устанаўленнем 19 красавіка мемарыяльнага крыжа ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна ў памяць аб мірных жыхарах, знішчаных партызанамі 15 красавіка 1943 года. Шасціканечны крыж святой Еўфрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі, устаноўлены побач з каталіцкімі могілкамі вёскі, частка якой была спалена, а многія жыхары забіты або спалены партызанамі ў сваіх дамах.

У адкрыцці знака ўдзельнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку жыхары вёскі і сведкі трагедыі. Перад пачаткам устаноўкі крыжа да могілак пад'ехалі прадстаўнікі мясцовай улады, у тым ліку спецслужб, міліцыі, ідэалагічнага аддзела Старадарожскага райвыканкама, якія спрабавалі перашкодзіць устанаўленню знака. Аднак цырымонія яго адкрыцця ўсё ж адбылася. 23 красавіка з'явілася інфармацыя, што памятнік дэмантаваны. // БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя