Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разглядалася справа Андрэя Лебянчука, каардынатара БХД па Брэсце.
У пятніцу вечарам ён быў спынены ДАІ на сваёй машыне нібыта для праверкі дакументаў і далей быў накіраваны на штрафстаянку – высветліць ці не перабіты нумары кузава машыны. Далей Андрэя накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання па вуліцы Багданчука.
Сёння на судзе хлопец даведаўся, што на яго складзеная справа за брыдкаслоўе на супрацоўніка ДАІ.
Падчас разгляду справы ў суддзі ўзнікла шмат пытанняў наконт складання пратакола і адсутнасці подпісаў затрыманага на гэтых дакументах, таму было вырашана справу накіраваць на дапрацоўку, а Андрэй Лебянчук быў выпушчаны на свабоду.
Сам актывіст лічыць, што быў проста дадзены загад наконт яго затрымання, а ў такім выпадку падставу лёгка знайсці: мабыць, хацелі, каб ён не трапіў на "Чарнобыльскі шлях", хоць і сам Андрэй туды не планаваў ехаць, а збіраўся на Вялікдзень наведаць бацькоў.
Павел БЕЛАВУС






