28-04, 18:04

Прэс-служба прэзідэнта не каментуе інфармацыю пра ягоных сыноў

Кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі не стаў каментаваць інфармацыю аб тым, што ў Аляксандра Лукашэнкі тры сыны

Звесткі аб тым, што ў кіраўніка дзяржавы ёсць трэці сын Мікалай, якому цяпер чатыры гады, распаўсюдзілі 28 красавіка са спасылкай на агенцтва Інтэрфакс некаторыя СМІ. Гэтая інфармацыя прыводзілася ў сувязі з заявай, якую А.Лукашэнка зрабіў падчас наведвання Хойніцкага раёна. У прыватнасці, адказваючы на пытанні журналістаў, прэзідэнт заявіў: "Усюды мусіруецца пытанне, што нібыта гэтая арганізацыя (маецца на ўвазе грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" — БелаПАН.) стварался пад будучага прэзідэнта, і што гэтым прэзідэнтам будзе мой старэйшы сын. Я ўжо сказаў: малодшы сын будзе прэзідэнтам Беларусі".

Апрача таго, прычынай для ўзнікнення чутак пра трэцяга сына прэзідэнта стала публічнае з'яўленне А.Лукашэнкі з хлопчыкам гадоў чатырох на рэспубліканскім суботніку 19 красавіка, а таксама падчас рабочай паездкі па Гомельскай вобласці 25—27 красавіка.

"Я, як кіраўнік прэс-службы прэзідэнта, адказваю за асвятленне дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі як службовай асобы, — заявіў Павел Лёгкі. — Сям'я прэзідэнта, яго асабістае жыццё — гэта тыя пытанні, якія заўсёды ён каментуе сам. Гэта не тая сфера жыцця кіраўніка дзяржавы, якую я магу закрануць у сілу сваіх службовых абавязкаў".

Пры гэтым П.Лёгкі зазначыў: "Цудоўны хлопчык, бачыў я яго. Кіраўнік дзяржавы яму нават абраз перадаў, які яму падарылі. Неяк не пацікавіўся, адкуль узяўся хлопчык, не праявіў цікаўнасці".

Варта зазначыць, што ў біяграфіі А.Лукашэнкі, апублікаванай на афіцыйным сайце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, няма звестак аб дзецях. Дагэтуль грамадскасці было вядома пра двух сыноў прэзідэнта — Віктара (1976 года нараджэння) і Дзмітрыя (1979). Першы з'яўляецца памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і членам Савета бяспекі, другі — узначальвае Прэзідэнцкі спартыўны клуб.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя