Чэхія будзе працягваць "палітычную, маральную і грамадзянскую падтрымку" дэмакратычным сілам Беларусі пры дапамозе ўзаемных кантактаў і абмену думкамі і вопытам. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў часовы павераны ў справах Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Румл.
- Прыярытэтам чэшскай знешняй палітыкі, вядома, з'яўляецца падтрымка дэмакратычных сіл ва ўсім свеце, а з Беларуссю ў нас у гістарычным і культурным плане больш моцная сувязь, — сказаў ён.
У.Румл зазначыў, што са студзеня 2009 года Чэхія будзе старшынстваваць у Еўрапейскім саюзе.
- Галоўным дэвізам чэшскага старшынства будзе "Еўропа без бар'ераў, — сказаў дыпламат. — Мы будзем рабіць акцэнт на грамадзянскіх і эканамічных свабодах, якія, што лагічна, прыводзяць да росквіту. Нашым прыярытэтам будзе і Усходняя Еўропа. Мы і надалей будзем імкнуцца да добрых суседскіх стасункаў, што грунтуюцца на партнёрстве і павазе да дэмакратычных каштоўнасцях.
Паводле яго слоў, Чэхія таксама будзе працягваць выступаць за зніжэнне кошту шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі.
- Мы былі б рады, калі б Чэхію наведвалі больш беларусаў, таму мы спрабуем убіраць усе бар'еры, — падкрэсліў У.Румл.






