Сёння капітан міліцыі Мастоўскага РАУСа Аляксандар Данільчык па тэлефоне спрабаваў запрасіць на размову грамадскіх актывістаў Алеся Зарэмбюка і Язэпа Палубятку, а таксама дэпутата Мастоўскага раённага савета Зміцера Кухлея, якія з’яўляліся заяўнікамі сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з жыхарамі горада.
На Язэпа Палубятку і Зміцера Кухлея супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі адміністрацыйныя пратаколы ў дзень сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, таму чым выкліканая дадатковая зацікаўленасць міліцыянтаў, пакуль невядома.
Што датычыць Алеся Зарэмбюка, то 19 красавіка яго ў Мастах не было і цалкам верагодна, што маладога палітыка чакае чарговае беспадстаўнае адміністрацыйнае пакаранне. Але грамадскі актывіст Язэп Палубятка не выключае таго, што ўлады рыхтуюць адпаведныя захады супраць Аляксандра Мілінкевіча.
- Мне здаецца, што рэжым занепакоены узрастаючай папулярнасцю Аляксандра Мілінкевіча сярод жыхароў Гродзенскай вобласці, аб чым сведчаць як затрыманні, так і перашкоды, якія здзяйсняліся супраць Мілінкевіча і яго атачэння падчас апошняга візіта на Гродзеншчыну. Таму я не выключаю, што ў хуткім часе супраць лідэра Руха “За свабоду” і яго папалечнікаў будуць прымацца больш жорсткія захады, у тым ліку і ў выглядзе доўгатэрміновага абмежавання волі.






