Не паспеў Лукашэнка крыкнуць “ату!”, як зграя кінулася выконваць загад, піша інтэрнэт-партал "Рэгіянальны Барысаў". Прэзідэнт раптам палічыў, што варта было б “узмацніць падатковы кантроль за прыбыткамі прафесійных апазіцыянераў”, якія “жывуць за кошт замежных сродкаў”.
Гэткае даручэнне Лукашэнка даў 29 красавіка старшыні КДК Зянону Ломацю. А ўжо 30 красавіка намесніку дырэктара Украінска-расійска-беларускай міжнароднага інфармацыйна-аналітычнага агенства “Еўрапейская хваля” (галоўны офіс знаходзіцца ў Кіеве) Сяргею Салашу патэлефанавалі з падатковай інспекцыі з просьбай даць тлумачэнні па сваіх даходах ажно за 2006 год. Прычым прапаноўвалася даць вусныя тлумачэнні па тэлефоне, а праз нейкі час было заяўлена, што ўся размова запісваецца на дыктафон. Салаш прапанаваў адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць падаткавікоў, выключна ў пісьмовай форме. Званок адбыўся з нумару 5772264 (МТС) прыкладна а 12-00.
Сяргей Салаш выстаўляў сваю кандыдатуру на мясцовых выбарах 2003, 2004 і 2007 гадоў у Пячах. Усе тры разы яго адмаўляліся рэгістраваць. У 2006 годзе на ягоную асабістую кватэру і кватэру бацькоў без тлумачэння прычынаў і без папярэджання была накладзеная забарона на адасабленне (іншымі словамі – арышт), якая захоўвае сваю правамоцнасць да сённяшняга дня.






