Гэта адбылося 1 траўня на афіцыйным мітынгу, арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі каля Нацыянальнай бібліятэкі. Падчас выступленняў сяброў ФПБ сярод прысутных з'явілася група людзей са сцягамі Еўрасаюза на чале са Статкевічам.
Супрацоўнікі міліцыі адрэагавалі на іх з'яўленне дастаткова аператыўна, яны сталі вырываць у дэманстрантаў сцягі з сімволікай ЕС і ламаць дрэўкі. Падчас інцыдэнту Мікалай Статкевіч у мегафон павіншаваў прысутных з днём салідарнасці працоўных ад імя ўдзельнікаў Еўрапейскай кааліцыі. “Мы выступаем супраць прымусовых кантрактаў, супраць адмены льгот, супраць дыскрымінацыі правоў працоўных і за еўрапейскую Беларусь”, - заявіў палітык. Апошняе, што паспеў сказаць Статкевіч да таго, як у яго адабралі мегафон, быў лозунг “Жыве Беларусь!”.
Паводле інфармацыі, якая маецца, апрача Статкевіча затрыманы яшчэ як мінімум тры чалавекі. Іх месцазнаходжанне пакуль невядома. // БелаПАН






