Лідэр руху “За Свабоду” і старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Інай Кулей знаходзяцца з візітам у Францыі. У першы дзень візіту адбылася сустрэча з кіраўніком французскага знешнепалітычнага ведамства Бернарам Кушнерам.
– Гэта была вельмі цікавая сустрэча. Спадар Кушнер не толькі палітык, а і вядомы грамадскі дзеяч, стваральнік сусветнай арганізацыі “Урачы без межаў”. Ён мае высокі маральны аўтарытэт у свеце. Нам было вельмі лёгка размаўляць, бо мы добра разумелі адзін аднаго як людзі, якім блізкая праваабарончая тэматыка, – кажа Аляксандр Мілінкевіч.
Падчас гутаркі Бернар Кушнер цікавіўся, што яго краіна можа зрабіць для больш эфектыўнай рэалізацыі палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі. Як вядома, з ліпеня гэтага году Францыя будзе старшыняваць у Еўрасаюзе.
– Я распавёў, што вельмі важна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі. Гэта падтрымка рэпрэсаваных, развіццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі (радыё, інтэрнэт-выданні, тэлебачанне, мясцовых бюлетэняў), падтрымка моладзевых і адукацыйных праектаў, – падкрэсліў лідэр руху “За Свабоду”.
Аляксандр Мілінкевіч таксама распавёў французскаму палітыку пра кампанію “За свабодныя выбары” і прапановы дэмакратычных сілаў па лібералізацыі выбарчага заканадаўства ў Беларусі:
– Практыка правядзення выбарчых кампаніяў у Беларусі не адпавядае мінімальным дэмакратычным стандартам. Мы дамагаемся зменаў, якія дазволяць наблізіць выбары ў Беларусі да агульнапрызнаных нормаў.
Лідэр руху “За Свабоду” падкрэсліў, што 12 прапановаў ЕС да беларускага народу і ўраду – гэта абсалютна неабходныя і маральныя патрабаванні. Прычым першым павінна быць вырашана пытанне вызвалення палітычных вязняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.
Палітыкі таксама абмеркавалі пытанне распрацоўкі “дарожнай карты” па спрыянні еўрапеізацыі Беларусі, а таксама размаўлялі пра магчымае будаўніцтва АЭС на Беларусі.
Бернар Кушнер запэўніў, што будзе рабіць усё, каб палітыка Еўрасаюза стала максімальна салідарнай з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Францыя мае намер шырока выкарыстоўваць досвед новых дзяржаваў-сябраў ЕС па падтрымцы дэмакратызацыі Беларусі.
Пасля сустрэчы з міністрам замежных справаў Францыі Бернарам Кушнерам Аляксандр Мілінкевіч і Іна Кулей правялі прэсавую канферэнцыю, паведамляе прэс-служба беларускага палітыка.







Каментары