Дочкі Казуліна Вольга і Юля, а таксама ягоны ўнук Уладзіслаў вярнуліся са спаткання з бацькам і дзедам. Яны прабылі разам у калоніі тры дні.
Вольга Казуліна кажа, што здароўе палітыка “у такіх умовах, якія ёсць у турме”, здавальняючае.
Казулін не харчуецца ў турэмнай сталоўцы, а спажывае толькі тыя прадукты, якія перадаюць сваякі і якія ён можа купіць у кіёску на тэрыторыі калоніі, паведаміла прэс-служба палітыка.
Інфармацыйная блакада Казуліна працягваецца. Са словаў ягонай дачкі Вольгі, адміністрацыя калоніі ўсляк замінае яму ў стасаванні з іншымі знволенымі. Аднак палітык усё адно атрымлівае ад 3 да 15 лістоў на дзень.
“Мы шчаслівыя, што сустрэліся з татам. Тры дні праляцелі неўпрыкмет. Мы шмат часу праводзілі на паветры, тым больш што надвор’е было выдатнае, тата шмат гуляў з унукам Уладам… Бацька бадзёры, добра трымаецца”, - сказала Вольга Казуліна.






