06-05, 16:56

Адміністрацыя Джорджа Буша лічыць недарэчнымі абвінавачанні ў шпіянажы

Адміністрацыя Джорджа Буша лічыць "недарэчнымі" абвінавачанні ў шпіянажы, выстаўленыя Беларуссю супраць ЗША, заявіў 5 мая ў Вашынгтоне намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі, паведамляе РІА Новости. 

"Беларускі ўрад баіцца свайго народа. Яны баяцца нас і ўсіх тых, хто гатовы выступіць у падтрымку дэмакратыі", — сказаў Т.Кейсі.

Каментуючы заяву КДБ, прадстаўнік Дзярждэпартамента выказаў меркаванне, што ўлады Беларусі "зноў і зноў пацвярджаюць гэта сваімі дзеяннямі — скарачэннем нашага персаналу або гэтымі недарэчнымі абвінавачаннямі".

"Яны знаходзяць любыя апраўданні, каб паспрабаваць адцягнуць увагу ад таго, што з'яўляецца сапраўднай праблемай, — сказаў Т.Кейсі. — Гэтыя абвінавачанні — старыя яны ці новыя, або яшчэ якія — з'яўляюцца лжывымі і неабгрунтаванымі і ўяўляюць сабой слабое апраўданне для скарачэння нашага персаналу".

Т.Кейсі заявіў, што яму невядома пра якія-небудзь кантакты па афіцыйных каналах паміж урадамі ЗША і Беларусі ў сувязі з заявамі беларускіх уладаў аб спыненні спробы стварэння "шпіёнскай сеткі".

4 мая ў вячэрнім эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала КДБ прадставіў некаторыя падрабязнасці гісторыі з раскрыццём шпіёнскай сеткі ЗША ў Мінску. Аб раскрыцці сеткі 23 сакавіка паведаміў Першы канал. Амаль усіх членаў затрымалі нібыта яшчэ 13 сакавіка на канспіратыўнай кватэры, што "абуладкавана ў паўкіламетры ад дыпмісіі ЗША". У сюжэце адзначана, што група арганізавана амерыканскім дыппрадстаўніцтвам у Мінску з ліку беларускіх грамадзян. У яе склад уваходзіла каля 10 чалавек, а задачай з'яўляўся збор і перадача амерыканскаму боку звестак для выкарыстання ва ўрон Беларусі. Атрыманыя даныя, паводле інфармацыі аўтараў сюжэта, перадаваліся куратару — кадраваму супрацоўніку ФБР, які працаваў у пасольстве Злучаных Штатаў. У сюжэце былі названыя імёны двух супрацоўнікаў пасольства — Курт Фінлі і Бернард Ніксан.

Як заявіў 4 мая начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ Валерый Надтачаеў, спецслужбы своечасова прадухілілі стварэнне ў краіне шпіёнскай сеткі пад кіраўніцтвам аташэ пасольства ЗША. "Шпіёнскай сеткай гэта група не стала выключна дзякуючы своечасоваму ўмяшанню беларускіх кампетэнтных органаў. На ранняй стадыі была прадухілена спроба ўцягвання беларускіх грамадзян у злачынную дзейнасць па артыкуле — здрада дзяржаве ў форме шпіянажу", — зазначыў прадстаўнік КДБ.

Паводле яго слоў, пад кіраўніцтвам аташэ па бяспецы пасольстьва ЗША кадравага супрацоўніка ФБР Курта Фінлі была створана група з прыцягненнем беларускіх грамадзян для збору і перадачы інфармацыі амерыканскаму боку. Былі ўстаноўлены канспіратыўная кватэра, фотаапараты, біноклі, відэакамеры, тэлефоны, якія выкарыстоўваліся ў працы.

К.Фінлі, паводле версіі В.Надтачаева, спешна пакінуў межы Беларусі.

У адносінах да беларускіх грамадзян, якія ўцягнуты ў супрацьпраўную дзейнасць, прынята рашэнне абмежавацца мерамі прафілактычнага характару.

У інтэрв'ю БелаПАН 24 сакавіка часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур заявіў: "У нас няма шпіёнаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі". Паводле яго слоў, К.Фінлі і Б.Ніксан з'яўляюцца супрацоўнікамі аховы пасольства ЗША, але не супрацоўнікамі ФБР.

Абвастрэнне беларуска-амерыканскіх адносін пачалося ў сакавіку пасля апублікавання на афіцыйным сайце Мінфіна ЗША тлумачэнняў да санкцый, уведзеных у лістападзе 2007 года ў адносінах да канцэрна "Белнафтахім". 7 сакавіка з Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка па патрабаванні беларускага боку Мінск пакінула пасол ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць сурацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Мінск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў, засталося працаваць 15 супрацоўнікаў. Яшчэ 11 амерыканскіх дыпламатаў пакінулі Мінск па патрабаванні беларускага боку 3 мая. //БелаПАН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя