Ізалятар часовага ўтрымання Гомеля падаў у суд пазоў з патрабаваннем спагнаць з кіраўніка гомельскай філіі “Маладога Фронту” Андруся Цянюты грошы, якія маладафронтавец павінен быў выплаціць за 10-сутачны арышт перад Днём Волі.
Андрусь Цянюта вельмі абураны гэтым патрабаваннем, бо лічыць свой арышт незаконным і ганебным. Тады ў знак пратэсту ў судовай залі маладафронтавец аб’явіў галадоўку.
Падаецца незразумелым, за што цяпер ён павінен плаціць грошы, калі адмаўляўся ад ежы (што, дарэчы, было зафіксавана ў афіцыйных дакументах).Тым не менш, суд задаволіў пазоў ізалятара і адзін з лідэраў “Маладога Фронту” быў змушаны заплаціць 44 150 рублёў, як паведамілі ў судзе, “за ўмовы знаходжання”. Між тым, адзінай “умовай дабрабыту” у камеры ізалятара, па словах Андруся Цянюты, была электрычная лямпачка.
Наталля ЯКАВЕНКА




