8 траўня выйшаў на волю старшыня мемарыяльнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык. 23 красавіка ён быў асуджаны судом Старадарожскага раёна Мінскай вобласці на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання).
Нагадаем, 19 красавіка па ініцыятыве мемарыяльнай секцыі БДТАПГК побач з каталіцкімі могілкамі вёскі Дражна быў устаноўлены і асвечаны праваслаўным святаром памятны шасціканечны крыж нябеснай заступніцы Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай у памяць 25 мірных жыхароў, забітых партызанамі 2-й Мінскай партызанскай брыгады 15 красавіка 1943 года. Імёны загінулых пералічаны на мемарыяльнай шыльдзе, прымацаванай да крыжа. У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака бралі ўдзел і відавочцы трагедыі. Праз некалькі дзён рашэннем мясцовых уладаў памятны крыж быў дэмантаваны і перавезены на тэрыторыю царквы вёскі Залужжа, што размешчана ў некалькіх кіламетрах ад вёскі Дражна.
У інтэрв'ю БелаПАН В.Сіўчык назваў незаконнымі дзеянні ўладаў у адносінах да яго і мемарыяльнага знака.
- Яго трэба ўстанавіць на былым месцы, бо знос памятнага крыжа не ўпісваецца не толькі ў айчыннае заканадаўства, але і ў ментальнасць беларусаў.
Па пытанні аднаўлення мемарыяльнага крыжа ён мае намер правесці перамовы з уладамі Старадарожскага раёна.
Наконт свайго знаходжання пад арыштам В.Сіўчык зазначыў:
- Я сядзеў за кратамі, як увесь беларускі народ.
Паводле яго слоў, у няволі “поўнасцю адсутнічала магчымасць памыцца, бо не было ні аднаго ўмывальніка”.
- А мая скарга на рашэнне суда, якую я падаў 25 красавіка, паводле сцвярджэння прадстаўнікоў мясцовых праваахоўных органаў дзесьці згубілася.






