10 траўня ў Міністэрства юстыцыі былі пададзены дакументы на рэгістрацыю Сацыяльнага грамадскага аб’яднання “БХД”. Гэта ўжо другая спроба рэгістрацыі для аргкамітэта “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”.
- Мы чарговы раз спрабуем выкарыстаць тое права на рэгістрацыю грамадскіх аб’яднанняў, якое дае беларускае заканадаўства грамадзянам, – заявіў сустаршыня аргкамітэта БХД Аляксей Шэін. - Наша задача, як людзей законапаслухмяных, - падаць гэтыя дакументы так, як патрабуе закон. Выбар жа чыноўнікаў – выконваць свае законы, ці дэманстратыўна іх парушаць.
Наконт вынікаў чарговай спробы рэгістрацыі Аляксей Шэін выказаў наступнае меркаванне:
- Паколькі наш ранейшы досвед і досвед іншых грамадскіх арганізацый, у лік заснавальнікаў якіх уваходзілі людзі, што патрабуюць дэмакратычных пераменаў у нашай краіне, заўсёды закончваўся адмовамі, то, відаць, падобная адмова прыйдзе і на гэты раз.
Папярэднюю адмову рэгістрацыі, нагадвае прэс-служба БХД, Міністэрства юстыцыі абгрунтавала тым, што заяўнікі не патлумачылі ў статуце аб’яднання сутнасць хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама як гэтыя каштоўнасці будуць рэалізоўвацца.




