Праблема палітзняволеных у Беларусі не вырашана, лічыць былы вязень прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч. Такое меркаванне ён выказаў 27 жніўня на пасяджэнні каардынацыйнага савета індывідуальных прадпрымальнікаў у Мінску.
- Для таго каб гэтая праблема была вырашана, патрэбна поўная рэабілітацыя ўсіх тых, хто атрымаў прыгаворы за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Пакуль такой рэабілітацыі я не назіраю. Нас выпусцілі згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні, аднак судзімасць з нас не знята, і ў нас няма магчымасці паўнацэнна займацца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Мы не можам, напрыклад, быць абранымі дэпутатамі мясцовых саветаў, Палаты прадстаўнікоў і гэтак далей, — заявіў С.Парсюкевіч.
- Мець судзімасць ні за што — гэта таксама не вельмі цікава. Варыянт, калі пан пасадзіў — пан выпусціў, — гэта не цывілізаваны метад, — сказаў С.Парсюкевіч.
Калі хтосьці думае, што палітычных зняволеных у краіне няма, то, я лічу, гэта вялікая памылка. Па маіх назіраннях, у турмах Беларусі як мінімум 5% зняволеных знаходзяцца з-за палітычных перакананняў. Іх рэальна можна далучаць да палітычных зняволеных. Мы проста пра іх не ведаем", — зазначыў прадпрымальнік.
- Акрамя таго, ёсць людзі, якія за ўдзел у мірных акцыях пратэсту прыгавораныя да абмежавання волі. Што гэта значыць? Чалавек выйшаў на акцыю — у яго праблемы. Чалавек перайшоў вуліцу ў неналежным месцы — у яго праблемы. Чалавек вырашыў выказаць сваю думку — у яго праблемы. Гэтыя людзі пад каўпаком у сілавых структур. З гэтым адназначна трэба змагацца і гэтыя пытанні здымаць, — лічыць С.Парсюкевіч, паведамляе by.belapan.com







Каментары