28 жніўня завяршаецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання. Як паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік, усяго кандыдатамі ў дэпутаты вылучалася 365 чалавек, што амаль у два разы менш у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2004 года.
Найбольшая колькасць прэтэндэнтаў у Мінску — 103 (конкурс — 5,2 прэтэндэнта на акругу). Па 51 чалавеку вылучаецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях (конкурс — 3 і 3,9 чалавека адпаведна), 47 — у Брэсцкай вобласці (2,9), 42 — у Мінскай (2,5), 38 — у Гродзенскай (2,8), 37 — у Віцебскай (2,6). У сямі акругах вылучаецца толькі па аднаму чалавеку.
Кандыдатамі ў дэпутаты вылучаны 68 работнікаў органаў дзяржкіравання, з іх 41 — дзейны дэпутат ніжняй палаты парламента. У прыватнасці, у дэпутаты вылучаюцца намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Папкоў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка, начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Жарало, начальнік Ваеннай акадэміі Беларусі Ігнацій Місурагін, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Глаз і інш.
Змагацца за дэпутацкі мандат маюць намер кіраўнікі палітычных партый: старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, намеснікі старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, лідэр Аграрнай партыі Міхаіл Русы і намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Карунас.
З часу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і па 27 верасня будзе праходзіць перадвыбарная агітацыя.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 28 верасня, паведамляе БелаПАН.






