Кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зарэгістраваны 92 прадстаўнікі палітычных партый. Аб гэтым 29 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Акруговыя камісіі зарэгістравалі 26 з 29 прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 16 з 21 — Партыі БНФ, 13 з 18 — Партыі камуністаў Беларускай, 13 з 17 — Камуністычнай партыі Беларусі, 11 з 14 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), 8 з 9 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 3 з 5 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама па адным прадстаўніку Аграрнай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Не прайшлі рэгістрацыю па адным прадстаўніку Рэспубліканскай партыі і Патрыятычнай партыі.
Л.Ярмошына паведаміла, што на з'ездах былі вылучаны 56 кандыдатаў у дэпутаты, шэсць з іх рэгістрацыю не прайшлі.
Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама, усе партыйныя лідэры, за выключэннем намеснікаў старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі і Віктара Івашкевіча, зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты.
Усяго дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты падавалі 365 чалавек. Зарэгістравана 276. Пяць чалавек забралі дакументы самі, сярод іх — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян, Анатоль Красуцкі і Мікалай Чурсін.
Сярод кандыдатаў у дэпутаты 58 жанчын, 18 грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў, 38 — раней з'яўляліся дэпутатамі, 30 — непрацуючыя, паведамляе БелаПАН.






