10-10, 12:22

Варанецкі: Беларусь чакае зняцця ўсіх санкцый

Беларусь "чакае зняцця ўсіх санкцый на абмежаванне супрацоўніцтва з ЕС". Пра гэта 10 кастрычніка заявіў журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі. "Гэта адносіцца і да генеральнай сістэмы прэферэнцый, і да візавых пытанняў, і да іншых пытанняў, якія стрымліваюць нашы адносіны", — дадаў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.

В.Варанецкі падкрэсліў, што "рэзалюцыя Еўрапарламента — рух у правільным кірунку". Ён таксама лічыць, што Беларусі і ЕС трэба "ствараць прававую базу для супрацоўніцтва".

Нагадаем, 9 кастрычніка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. У ёй утрымліваецца заклік да еўрапейскіх структур працягваць дыялог з Беларуссю, распрацаваць "дарожную карту" для пакрокавага ўзаемадзеяння, а таксама перагледзець абмежавальныя меры. Еўрапарламент таксама прапанаваў на шэсць месяцаў прыпыніць дзеянне санкцый да чыноўнікаў, якія не маюць дачынення да парушэння дэмакратычных стандартаў выбараў, з тым каб даць магчымасць беларускім уладам адмяніць новы закон аб СМІ, які пакуль не ўступіў у сілу.

У першапачатковы спіс чыноўнікаў, якім быў абмежаваны ўезд на тэрыторыю краін ЕС, былі ўключаны цяперашні міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, спіс папоўнілі кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына і Юрый Падабед, які тады ўзначальваў полк міліцыі спецыяльнага прызначэння.

У красавіку 2006 года спіс быў пашыраны да  37 чалавек, адказных, на думку ЕС, за парушэнне правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. У яго былі ўключаны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, Генадзь Нявыглас — на той час кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, яго намеснікі Наталля Пяткевіч і Анатоль Рубінаў, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня  Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў, член Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец.

3 кастрычніка 2006 года спіс неўязных папоўнілі яшчэ чатыры чалавекі: суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік — за прыгавор экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, а таксама суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Леанід Ясіновіч і дзяржабвінаваўца Андрэй Мігун — за прыгавор актывістам незарэгістраванай арганізацыі "Партнёрства", паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя