Беларусь гатова ўступіць у перамоўны працэс з Еўрасаюзам аб зніжэнні кошту віз. Пра гэта 10 кастрычніка заявіў журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі.
- Мы гатовы хоць сёння ўключыцца ў гэты перамоўны працэс. Мы неаднаразова заклікалі, звярталіся да ЕС з такімі просьбамі. Але ЕС думае, разважае, — сказаў намеснік міністра.
Ён выказаў спадзяванне, што ЕС прыме ў гэтым пытанні "правільнае рашэнне, бо выступае за тое, каб у Еўропе не было раздзяляльных ліній". Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў: Беларусь "гатова ісці настолькі далёка ў плане лібералізацыі візавага рэжыму, наколькі гатовы ісці ў ЕС". В.Варанецкі лічыць несправядлівым, што для грамадзян Беларусі "ўстаноўлены дастаткова высокі кошт віз у Шэнгенскую зону".
Намеснік міністра таксама паведаміў, што візавае пытанне ў дачыненні да грамадзян Беларусі будзе абмяркоўвацца 13 кастрычніка на сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС. На сустрэчу, нагадаем, запрошаны кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў, паведамляе БелаПАН.






