11-10, 16:30

У рамках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Бішкек Беларусь і Кыргызстан падпісалі восем дакументаў

Восем сумесных дакументаў паміж Кыргызстанам і Беларуссю падпісана 11 кастрычніка па выніках перамоў прэзідэнтаў дзвюх краін у Бішкеку, паведамляе кіргізскае інфармацыйнае агенцтва 24.kg.

У іх ліку сумесная дэкларацыя кіраўнікоў дзяржаў, дзе Курманбек Бакіеў і Аляксандр Лукашэнка зазначылі, што дасягнулі паразумення па пытаннях двухбаковых адносінаў, а таксама рэгіянальных і міжнародных праблемах, што ўяўляюць узаемную цікавасць.

Прэзідэнты дамовіліся развіваць гандлёва-эканамічнае, навукова-тэхнічнае, культурнае супрацоўніцтва, "нарошчваць канструктыўнае знешнепалітычнае ўзаемадзеянне на двухбаковай аснове", у тым ліку ў рамках СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ, ААН, АБСЕ.

Іншыя дакументы, падпісаныя ў Бішкеку, закранаюць супрацоўніцтва паміж міністэрствамі фінансаў, культуры, замежных спраў, працы. Пратаколы і пагадненні былі засведчаны ў Доме ўрада кіраўнікамі ведамстваў Кыргызстана і Беларусі. Там жа кіраўнікі Бішкека і Мінска падпісалі пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносінаў.

"Мы не імперыя, і Кыргызстан для нас значны партнёр, — заявіў на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў А.Лукашэнка. — Тут рэвалюцыйнае мысленне. Талковыя людзі і ў нас, і ў вас".

Паводле слоў А.Лукашэнкі, Беларусь гатова ажыццяўляць буйныя закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў Кыргызстане: "Дай Бог, каб Кыргызстан мог забяспечыць нашы патрэбы. Мы гатовы адмовіцца ад закупкі агародніны і садавіны ў іншых краінах і браць іх толькі з Кыргызстана. У вас людзі незбалаваныя, няма завоблачных цэн і якасць выдатная".

А.Лукашэнка ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў. "Нам выгадна геапалітычнае становішча Кыргызстана. Мы зможам прадаваць прадукцыю завода не толькі ў Казахстан, але і па ўсёй Цэнтральнай Азіі, не абмяжоўвацца тэрыторыяй былога СССР. Брэнд МТЗ вядомы. Мы ствараем вытворчасць ад Лацінскай Амерыкі да Кыргызстана, у тым ліку і ў Расіі", — зазначыў А.Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік заявіў, што яго наступны візіт у Кыргызстан пройдзе або ў 2009-м, або ў 2010 годзе.

"Кыргызстан з Беларуссю блізкія па духу і менталітэту", — заявіў на прэс-канферэнцыі К.Бакіеў. Паводле слоў кіргізскага прэзідэнта, падчас перамоў ён звярнуўся ў некалькімі просьбамі да А.Лукашэнкі, у прыватнасці, падзяліцца вопытам у папярэджанні і ўстараненні наступстваў надзвычайных сітуацый, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя