Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч лічыць, што зняцце візавых санкцыяў з беларускіх чыноўнікаў – гэта аванс з боку Еўропы.
«Трэба адзначыць, што захаваліся санкцыі супраць тых, хто падазраецца ў знікненні лідэраў апазіцыі. А у той жа час з Лукашэнкі знятыя санкцыі. Гэта значыць яму робіцца намёк: калі пазбавішся ад Навумава, Шэймана, Паўлічэнкі і Сівакова, можаш выйсці са спісу падазраваных у выкраданнях і забойствах палітыкаў. Санкцыі супраць Ярмошыной зноў жа пакінутыя дзеля таго, каб Лукашэнка мог сказаць: я не вінаваты, гэта яна нашкодзіла, а я за дэмакратычныя выбары. Ад Лукашэнкі чакаюць кроку ў адказ на гэтыя авансы – непрыняцце новага рэпрэсіўнага закона аб СМІ, допуск «Народнай волі» і «Нашай Нівы» у кіёскі «Белсаюздрука», спыненне крымінальных справаў па артыкуле «дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў», дазвол на дзейнасць Еўрапейскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Калі гэта адбудзецца – тады дасць эфект тактыка «ты мне, я табе», калі не адбудзецца -- гэтыя авансы марныя, і тактыка залагоджвання Лукашэнкі не апраўдае сябе.
Лукашэнка не зрабіў нічога, каб гэтыя санкцыі былі знятыя. Яму зрабілі перадаплату, цяпер, так бы мовіць, мяч на тэрыторыі Лукашэнкі. Мы павінны ставіць пытанне востра і прымусіць яго рэагаваць на гэты аванс Еўразвяза», -- заявіў Івашкевіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Пры гэтым палітык адзначыў, што экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч пасадзейнічаў зняццю санкцыяў з Лукашэнкі і яго чыноўнікаў.
«Тое, што Мілінкевіч пасадзейнічаў гэтаму -- відавочна. Ён гэтага не хавае, кажучы, што гэта абавязковы крок для курсу беларускай улады на паступальную лібералізацыю, на «змякчэнне» рэжыму», -- адказаў Івашкевіч, паведамляе Хартыя-97






