Як паведаміў старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Міхаіл Антоненка, задача праекта — даць магчымасць людзям з праблемамі зроку рэгулярна атрымліваць аператыўную інфармацыю ў розных сферах грамадскага жыцця, садзейнічаць больш эфектыўнай іх інтэграцыі ў грамадства.
Радыё будзе займацца таксама папулярызацыяй дзейнасці абласной арганізацыі БелТІЗ.
Каб слухаць радыё "БрэстБелТІЗ", неабходна будзе зайсці на інтэрнет-сайт абласной арганізацыі (brestbeltiz.net) і націснуць адпаведную спасылку.
"Мы плануем уключыць у праграмы інтэрнет-радыё агучаныя друкаваныя перыядычныя выданні, актуальныя інфармацыйныя матэрыялы аб працы нашай арганізацыі, штомесячны радыёчасопіс БелТІЗ "Товарищ", аўдыёзапісы выступленняў невідушчых музыкантаў, вакалістаў і чытальнікаў", — зазначыў Антоненка.
Неабходнае абсталяванне будзе набыта за кошт сродкаў, выдзеленых камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама; дадатковую стаўку інструктара, у абавязкі якога будзе ўваходзіць падрыхтоўка і апрацоўка матэрыялаў для вяшчання, увядзе Беларускае таварыства інвалідаў па зроку.
Плануецца, што інтэрнет-радыё "БрэстБелТІЗ" выйдзе ў эфір у кастрычніку.
"Такі праект рэалізуецца ўпершыню ў рэспубліцы. І мы спадзяемся, што слухачамі інтэрнет-радыё будзе дастаткова шырокая аўдыторыя — не толькі жыхары Берасцейскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў, прычым не толькі Беларусі і не толькі невідушчыя", — падкрэсліў Антоненка, паведамляе БелаПАН.








Каментары