28-04, 16:07

У Мінску створаны праваабарончы цэнтр "Свабода сумлення"

Пра гэта паведаміў яго кіраўнік, юрыст Сяргей Луканін.

Паводле яго слоў, незалежныя юрысты цэнтра будуць абараняць правы грамадзян на свабоду веравызнання. "Цэнтр будзе прыкладаць намаганні па прывядзенні рэлігійнага заканадаўства Беларусі ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і міжнароднымі стандартамі. Мы плануем ажыццявіць гэтую задачу на міжнародным узроўні, у тым ліку праз структуры Еўрасаюза і Кангрэс ЗША", — сказаў юрыст.

У выпадку адмовы беларускіх уладаў зарэгістраваць цэнтр, будуць прыкладзены намаганні па наданні яму афіцыйнага статусу за межамі краіны.

Як зазначыў С.Луканін, 25 красавіка суддзя Маскоўскага раёна Мінска Уладзімір Аўдзеенка аштрафаваў на 10 базавых велічыняў (350 тыс.руб.) епіскапа рэлігійнага Аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь і пастара сталічнай царквы "Новае жыццё" Вячаслава Ганчарэнку за адмову дапусціць у будынак царквы прадстаўнікоў "Энерганагляду". Апрача таго, 25 красавіка У.Аўдзеенка аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (1 млн. 400 тыс. руб.) С.Луканіна за арганізацыю збору подпісаў па змяненні рэлігійнага заканадаўства. Прычым сваю пастанову суддзя вынес у адсутнасць С.Луканіна, які знаходзіўся за межамі Беларусі. Раней па гэтай жа прычыне на 40 базавых велічыняў кожны былі аштрафаваныя палітык Павел Севярынец і епіскап В.Ганчарэнка.

"Усе гэтыя судовыя пастановы з'яўляюцца адказам уладаў на вынікі кампаніі па зборы подпісаў грамадзян пад адозвай аб унясенні змяненняў у закон "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях", — зазначыў С.Луканін.

З 22 красавіка 2007 года па 13 лютага 2008 года пад гэтай адозвай было сабрана звыш 50,5 тысячы подпісаў . Сярод прапанаваных паправак — увядзенне нормаў, што прадугледжваюць магчымасць дзейнасці рэлігійных груп без рэгістрацыі ў якасці рэлігійных абшчын, а таксама вяртанне нерухомасці рэлігійным абшчынам. У адозве гаворыцца аб адмене шэрагу нормаў, што прадпісваюць узгадненне з мясцовымі органамі ўлады правядзенне богаслужэнняў, абмяжоўваюць тэрыторыю дзейнасці рэлігійнай арганізацыі, а таксама забараняюць замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства быць заснавальнікамі або кіраўнікамі рэлігійных абшчын. З 26 па 28 лютага адозвы былі накіраваныя ў Канстытуцыйны суд, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і ў Адміністрацыю прэзідэнта. //БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя