Ён знаходзіўся на тэрыторыі парку каля будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, сумежнай з вуліцай Янкі Купалы. Перанос 21 сакавіка санкцыяваў прэзідэнт. Плануецца, што ў будучым помнік размесцяць на тэрыторыі парку, сумежнага з тэатрам, які выходзіць на вуліцу Максіма Багдановіча.
Учора прыблізна 40 маладых людзей прайшлі ад помніка Янку Купалу ў аднайменным парку да будынка тэатра. Удзельнікі акцыі ўсклалі да агароджы ямы, на месцы якой стаяў помнік, вялікую колькасць цюльпанаў і развесілі на агароджы фотаздымкі помніка класіку беларускай літаратуры.
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным папярэдзілі аднаго з арганізатараў акцыі кіраўніка камісіі Партыі БНФ па культуры Франака Вячорку аб тым, што акцыя не санкцыявана, аднак у сам працэс шэсця не ўмешваліся, паведамляе БелаПАН.
Удзельнікі акцыі наладзілі каля агароджы перформанс з чытаннем вершаў Максіма Багдановіча і выкананнем музычных твораў на дудзе.
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч падкрэсліў, што перанос помніка па рашэнні аднаго чалавека — прэзідэнта Беларусі — недапушчальны.
- Гэты архітэктурны ансамбль з'яўляецца гістарычным помнікам другой катэгорыі. Для таго каб яго пераносіць, патрэбны адмысловы дазвол. І наогул такія помнікі пераносяцца ў дакладна вызначаных заканадаўствам выпадках: падчас вайны, стыхійных бедстваў, надзвычайнага становішча і ў іншых форс-мажорных абставінах. Таму няма ніякіх падстаў для пераносу помніка Багдановічу ў гэты момант, — заявіў А.Астаповіч.




