3 мая ў калоніі "Віцьба-3" пачалося спатканне экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна з дочкамі Вольгай і Юліяй.
Як паведаміла Юлія Казуліна, напярэдадні яна прыгатавала бацьку яго любімыя піражкі, іншую хатнюю ежу. "Хочацца яго накарміць, хоць чымсьці парадаваць", — зазначыла Ю.Казуліна.
Як паведаміла дачка зняволенага палітыка, падчас спаткання яны збіраюцца абмеркаваць з А.Казуліным самыя розныя праблемы. "Калі бацьку адпусцілі на пахаванне нашай маці, мы так толкам і не пагаварылі. Таму мы маем намер найперш пагаварыць пра сямейнае. А Вольга хоча яшчэ і абмеркаваць некаторыя партыйныя праблемы, бо бацька з'яўляецца лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у дзейнасці якой Вольга бярэ актыўны ўдзел", — сказала Ю.Казуліна.
Раней планавалася, што спатканне пройдзе з 26 па 29 красавіка. Аднак адміністрацыя калоніі паведаміла А.Казуліну, што 26 красавіка ўсе памяшканні для спатканняў занятыя, паведамляеБелаПАН.
Нагадаем, 13 ліпеня 2006 года суд прызнаў А.Казуліна вінаватым у "наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, <...> суправаджаюцца прымяненнем насілля і знішчэннем чужой маёмасці", а таксама ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем уладзе, што пацягнула парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях". Палітык адбывае пакаранне ў віцебскай папраўчай калоніі агульнага рэжыму "Віцьба-3". Арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала А.Казуліна палітзняволеным.






