03-05, 18:55

Радыёнукліды ёсць у арганізме амаль усіх беларусаў

Радыенукліды выяўлены ў арганізме 97,8% абследаваных грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі Валожынскага (Мінская вобласць), Лельчыцкага (Гомельская вобласць) і Мінскага раёнаў, а таксама ў Мінску. Аб гэтым у інтэрв'ю БелаПАН паведаміў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка. 

Такія, паводле яго слоў, першыя вынікі рэалізацыі грамадскага праекта па інфармацыйным забеспячэнні сістэмы радыяцыйнай абароны людзей. Ініцыятарам і куратарам праекта, што ажыццяўляецца з 1 красавіка пры падтрымцы дзяржструктур, з'яўляецца прафесар І.Нікітчанка.

Паводле яго слоў, з 180 абследаваных удзельнікаў праекта толькі ў чатырох адзначана поўная адсутнасць радыенуклідаў у арганізме. "Гэта сведчыць аб тым, што на ўсёй тэрыторыі краіны захоўваецца небяспека радыяцыйнага забруджвання арганізму прадуктамі харчавання. У гэтай сітуацыі неабходна мяняць дзяржаўную канцэпцыю бяспечнага пражывання на тэрыторыях, забруджаных радыяцыяй, паколькі ўся Беларусь заражана радыенуклідамі. Вось чаму павінна быць паўсюднай сістэма радыяцыйнай абароны насельніцтва", — падкрэсліў вучоны. Ён узгадаў словы расійскага акадэміка Андрэя Сахарава аб тым, што "радыяцыя бяспечнай не бывае". "Радыенукліды ў любой колькасці шкодныя для арганізму, паколькі разбураюць яго клеткі і імунітэт, становяцца прычынай розных захворванняў і скарачаюць працягласць жыцця чалавека", — сказаў вучоны.

Аднагадовы праект прадугледжвае правядзенне інфармацыйных семінараў з валанцёрамі з 24 раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей з удзелам супрацоўнікаў ПУП "Беларускі інстытут радыяцыйнай абароны" ("Белрад") і былога Інстытута радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя. На кожным семінары з удзелам 30 добраахвотнікаў разглядаюцца пытанні радыеактыўнага забруджвання людзей, іх медыцынскага абследавання, а таксама прадухілення пападання радыенуклідаў у арганізм чалавека. Арганізатары праекта мяркуюць, што атрыманыя на семінарах веды валанцёры распаўсюдзяць сярод насельніцтва рэгіёнаў, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Для правядзення першасных і кантрольных выпрабаванняў выкарыстоўваюцца мабільныя лабараторыі, аснашчаныя абсталяваннем для вымярэння радыяцыйнага забруджвання чалавека і прадуктаў харчавання. Гэтыя лабараторыі перададзены беларускай грамадскасці амерыканскімі дабрачынцамі.

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя