У 20 гадзін 14 хвілін 4 мая на тэрыторыі санаторыя МУС "Белая Русь" ля возера Нарач завяршыўся 100-кіламетровы пешы супермарафон, прысвечаны Году здароўя.
Ініцыятарам акцыі выступіў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Разам з ім фінішавалі 16 удзельнікаў, у тым ліку начальнік дэпартамента тылу МУС Віктар Мельнікаў.
Раніцай 4 мая, у 5 гадзін 3 хвіліны, ад санаторыя "Белая Русь" стартавала больш за 100 хадакоў, сярод якіх супрацоўнікі спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз", ГУУС Мінгарвыканкама, Мядзельскага РАУС і яшчэ прыкладна дваццаці раённых аддзелаў унутраных спраў, журналісты і звычайныя аматары хадзьбы. Адзін з удзельнікаў спецыяльна прыехаў з Рыгі.
Як заявіў пасля фінішу У.Навумаў, ён стаміўся фізічна, але маральна знаходзіцца "на вялікім уздыме". У інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік МУС адзначыў, што "ніколі ў жыцці не хадзіў так хутка на вялікія адлегласці". "Пераадолець дыстанцыю дазволілі надвор'е і добрае акружэнне", — сказаў міністр.
Першапачаткова фініш супермарафону планаваўся на 24 гадзіны.
Наступным разам 52-гадовы У.Навумаў плануе прайсці за пяць сутак ад Брэста да Мінска. //БелаПАН




