6 траўня вернікі праваслаўнай царквы ўшаноўваюць памяць святога пакутніка Георгія Пераможцы. А ў народзе свята называюць Юр’я.
Яно цесна звязана з сельскай гаспадаркай і земляробствам. Георгій выводзіцца ад грэчэскага слова “гэоргос”- земляроб.
Пачынаючы з Юр'я можна ўжо выганяць на поле хатнюю жывёлу. Аднак перад гэтым гаспадар бярэ з сабою на поле асвечаную шкарупу з велікодных яек, кавалачкі з велікоднага снедання і абыходзіць з імі поле, спяваючы “Хрыстос уваскрос” і молячы Бога аб дапамозе ў гаспадарцы. Каб жыта ўрадзіла, каб быў хлеб, качаецца каравай.
Святы Георгій пацярпеў пакуты за веру ў Хрыста ў Некамедзіі ў 4-м стагоддзі. Пераможцам царква называе яго таму, што ён перамог сваіх катаў і не адрокся Хрыста. Святы Георгій цудоўна дапамагаў і дапамагае людзям, якія знаходзяцца ў небяспецы. Вернікі ў гэты дзень моляцца ў царквах за здароўе сваіх блізкіх, а таксама за хатнюю жывёлу.






