Больш як 1,6 мільёна чалавек наведалі ў Беларусі могілкі ў дзень памінання памерлых — на Радаўніцу. Такія звесткі БелаПАН прадаставілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў. Парушэнняў грамадскага парадку падчас наведвання могілак і месцаў пахаванняў 6 мая не адзначана.
У прэс-службе Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама паведамілі, што 17 сталічных могілак у дзень Радаўніцы наведалі прыкладна 25 тысяч чалавек.
Радаўніца ў Беларусі адзначаецца як дзяржаўнае свята на дзевяты дзень пасля праваслаўнага Вялікадня. Па традыцыі зраніцы на Радаўніцу наведваюць царкву, затым — могілкі. //БелаПАН






