У канцы чэрвеня Беларуская партыя “Зялёныя” і польская партыя “Зялёныя-2004” плануюць правесці рок-фестываль “За бяз`ядзерную Еўропу”. Дакладная дата яго правядзення пакуль не вызначана.
Паводле старшыня БПЗ Алега Новікава, рашэнне аб правядзенні фестывалю было прынята падчас рэгіянальных сустрэч “зялёных” на Глабальным экалагічным форуме, які прайшоў з 1 па 4 траўня ў бразільскім Сан-Паўлу. Рок-фэст накіраваны на недапушчэнне мілітарызацыі рэгіёнаў і гонкі ўзбраенняў: рэсурсы, якія накіроўваюцца на ваенныя мэты, могуць стаць падтрымкай для многіх важных экалагічных і сацыяльных праектаў, паведамляе БелаПАН. На думку эксперта, адна з самых страшных бед у сучасным свеце - ядзерная зброя і ядзерная энергетыка.
Лідэр БПЗ зазначыў, што канцэрты пройдуць у Гродне, Брэсце і некаторых прыгранічных польскіх гарадах. Чакаецца, што ў рок-фестывалі возьмуць удзел беларускія музыканты альтэрнатыўных кірункаў і польскія калектывы рэгі.
Новікаў зазначыў, што для БПЗ у Сан-Паўлу найбольш плённымі сталі кантакты з польскімі і расійскімі калегамі. Так, Расійская экалагічная партыя “Зялёных” плануе арганізаваць вялікую кампанію супраць банкаў, якія маюць намер фінансаваць развіццё ядзернай энергетыкі. На думку эксперта, гэта можа пасадзейнічаць згортванню праграм па развіцці атамнай энергетыкі і ў Беларусі. На рэгіянальных сустрэчах БПЗ таксама ўзняла праблему ліквідацыі льгот “чарнобыльцам”.






