Губернатар Бранскай вобласці Мікалай Дзенін прапаноўвае да 1020-годдзя Вадохрышча Русі (адзначаецца ў 2009 годзе) узвесці храм на мяжы трох славянскіх дзяржаваў, паведаміла прэс-служба адміністрацыі гэтага расійскага рэгіёна.
“З прапановай узвесці храм на мяжы Расіі, Беларусі і Украіны непадалёк ад Манумента дружбы ў Клімаўскім раёне Бранскай вобласці губернатар выступіў на нарадзе ў паўнамоцнага праддстаўніка прэзідэнта ў Цэнтральнай федэральнай акрузе Георгія Палтаўчанкі, прысвечанай пытанням падрыхтоўкі да даты. У нарадзе бралі ўдзел не толькі губернатары расійскіх абласцей ЦФА, але і прадстаўнікі Украіны і Беларусі”, - паведамілі агенцтву Інтэрфакс-Украіна ў адміністрацыі Бранскай вобласці.
У прэс-службе працытавалі словы губернатара пра тое, што Расію, Украіну і Беларусь злучаюць не толькі палітычныя і эканамічныя адносіны.
- Іх сувязь значна глыбей і гэтаму спрыяе векавое сваяцтва, якое сваімі каранямі сыходзіць у гісторыю славянскай цывілізацыі.
“Першы камень у падмурак будучага храма Дзенін прапанаваў закласці падчас традыцыйнага Міжнароднага фэсту “Славянскае адзінства-2008”, які пройдзе ў Клімаўскім раёне ў канцы чэрвеня”, - адзначылі ў прэс-службе.






