Мемарыяльная секцыя Грамадскага аб’яднання “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распачало 2-дзённую міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “1929-1934: Сталінская “рэвалюцыя зверху” ці вынішчэнне сялянства і галадамор на Беларусі”. Канферэнцыя прысвечана гадавіне Барысаўскага галоднага бунту.
Падчас канферэнцыі, у якой удзельнічаюць беларускія і ўкраінскія навукоўцы закранаюцца тэмы калектывізацыі і раскулачвання сялянства, рэпрэсіяў супраць сялян і прадстаўнікоў іншых сацыяльных групаў, актыўнага і пасіўнага супраціву беларусаў, Галадамору на Беларусі і ва Украіне.
Пра мэту канферэнцыі Рацыі распавяла сакратарка секцыі “Мемарыял” таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Надзея Сычугова:
- Галоўныя мэты канферэнцыі - закласці падставу для пачынання доследаў гэтай важнай для Беларусі тэмы, а менавіта Галадамору, якая ніякім чынам не даследуецца. Не асвятляецца ні ўладай, ні гісторыкамі.
Ужо скончылася ўкраінская частка канферэнцыі.
Заўтра ўдзельнікі канферэнцыі паедуць у Барысаў для агляду мясцінаў, звязаных з падзеямі галоднага бунту, і гісторыка-культурных помнікау горада і яго наваколляў.
Барысаўскі бунт адбыўся ў красавіку 1932 года. Ён суправаджаўся разгромам хлебных крамаў, раскраданнем хлеба з павозак, была спроба арганізацыі дэманстрацыі. Выступленне было жорстка разагнана мясцовымі органамі ўлады, а яго ўдзельнікі пакараны. Па звестках некаторых даследчыкаў, 1.400 чалавек было арыштавана, 200 чалавек былі растраляныя, а 1.200 сасланыя ў лагеры ГУЛАГу.






