12-05, 18:04

Станцыя метро "Кастрычніцкая" закрываецца 1 чэрвеня на рэканструкцыю

Станцыя Мінскага метрапалітэна "Кастрычніцкая" закрываецца 1 чэрвеня гэтага года на рэканструкцыю перасадачнага вузла. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў начальнік КУП "Дырэкцыя па будаўніцтву Мінскага метрапалітэна" Васіль Жыбуль.

"Для правядзення рэканструкцыі перасадачнага вузла "Кастрычніцкая - Купалаўская" станцыя "Кастрычніцкая" будзе закрыта для пасадкі і высадкі пасажыраў. Закрыюць таксама і перасадку паміж "Купалаўскай" і "Кастрычніцкай". Працаваць будзе толькі станцыя "Купалаўская", - удакладніў субяседнік.

Для кампенсацыі нязручнасцей перагледжана схема руху наземнага пасажырскага транспарту. У прыватнасці, прадугледжваецца дадаткова выдзеліць аўтобусы, якія будуць курсіраваць ад станцыі метро "Плошча Леніна" да станцыі "Плошча Перамогі".

У ходзе рэканструкцыі, якая прадоўжыцца 5 месяцаў, старыя тры стужкі эскалатара заменяць на новыя чатыры вытворчасці Крукаўскага завода (Украіна). Яны эксплуатуюцца ва ўкраінскім метро і добра сябе зарэкамендавалі. Таксама эскалатары тэхнічна адпавядаюць патрабаванням мінскага метро. Пры гэтым хуткасць руху стужак у мэтах бяспекі застанецца ранейшай.

Рэканструкцыя перасадачнага вузла дасць магчымасць павялічыць яго прапускную здольнасць. "Пасажырапатокі метро пралічваліся яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Тады прапускная здольнасць была забяспечана тунэлем і трыма стужкамі эскалатараў. Але горад развіваецца імкліва - пасажырапаток вырас амаль у два разы", - адзначыў Васіль Жыбуль. Замена ж трох стужак эскалатара на чатыры дасць магчымасць у гадзіну пік павялічыць прапускную здольнасць вузла на 8 тыс. чалавек, а таксама забяспечыць бяспеку перамяшчэння і камфорт для пасажыраў.

Начальнік КУП "Дырэкцыя па будаўніцтву Мінскага метрапалітэна" таксама дадаў, што правядзенне рэканструкцыі вузла ў летні перыяд выбрана невыпадкова, паколькі пасажырапаток у гэты перыяд зніжаецца на трэць. Гаворачы аб кошце рэканструкцыі, ён паведаміў, што ўвесь праект ацэньваецца ў Br13-15 млрд.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя