Амерыканскаму юрысту Эмануілу Зельцэру і яго сакратарцы Уладлене Функ, якая з’яўляецца грамадзянкай Расіі, падоўжаны тэрмін знаходжання пад вартай.
Яны былі затрыманыя ў Мінску 12 сакавіка і змешчаныя ў следчы ізалятар КДБ. Пра дакладныя тэрміны працягнення арышту адвакат Зельцэра не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што справа з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай.
Між тым Нью-Йоркскі суд сёння пастанавіў, што брытанскі бізнэсмен грузінскага паходжання Джозаф Кей, чые інтарэсы прадстаўляў у Мінску адвакат Зельцэр, не мае права распараджацца маёмасцю нябожчыка грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Зараз спадчынай мільярдэра будзе распараджацца яго сям'я на чале з удавой Інай Гудавадзэ.






