14-05, 16:39

Больш за трэць апытаных курцоў Беларусі хочуць пазбавіцца ад згубнай звычкі

Больш за трэць апытаных курцоў у Беларусі хочуць пазбавіцца ад згубнай звычкі. Такі вынік сацыялагічнага даследавання, праведзенага Рэспубліканскім цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя сумесна з Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі, паведаміла на прэс-канферэнцыі 14 мая ў сталіцы намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога наркалагічнага дыспансера Аксана Калбасава. 

Паводле яе слоў, "большасць спрабуе кінуць курыць самастойна, аднак праз тры-шэсць месяцаў вяртаецца да курэння". А.Калбасава параіла пры жаданні кінуць курыць звяртацца да ўрачоў, якія выкарыстоўваюць як медыкаментознае, так і псіхалагічнае лячэнне нікацінавай залежнасці.

Тых, хто жадае кінуць курыць, больш сярод мужчын — 18% (сярод жанчын — 6,6%), ва ўзроставай групе 16—29 гадоў — 15,6% і сярод гарадскіх жыхароў — 12,7% (сярод сельскіх — 9,7%). Доля тых, хто кінуў курыць, вышэйшая сярод ваеннаслужачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў (24,6%), кіраўнікоў ніжэйшага (23,3%) і вышэйшага (21,8%) звёнаў.

Даследаванні таксама паказалі, што цяпер курыць 32,3% насельніцтва Беларусі, з іх пастаянна — 22,9%, час ад часу — 9,3%. Раней курылі і адмовіліся ад гэтай звычкі 13,3%. Самыя высокія паказчыкі распаўсюджанасці курэння назіраюцца сярод часова непрацуючых (57,8%), рабочых прамысловасці, транспарту, будаўніцтва (55,5%), прадпрымальнікаў (51,1%) і рабочых сельскай гаспадаркі (37,2%). Менш за ўсё курцоў сярод хатніх гаспадынь (12,7%) і непрацуючых пенсіянераў (12,4%). //БелаПАН

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя