24 ліпеня ў Мінску прайшло пасяджэнне круглага стала на тэму "Праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь: міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе са злачыннасцю".
Прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола МУС Беларусі, галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС, КДБ і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта расказалі аб сваёй дзейнасці і супрацоўніцтве з міжнароднымі арганізацыямі ў сферы барацьбы са злачыннасцю.
Як адзначыў намеснік начальніка НЦБ Інтэрпола Аляксандр Пятран, у 2008 годзе з бюро найбольш цесна ўзаемадзейнічалі праваахоўныя органы Германіі, Польшчы і Літвы. У першым паўгоддзі гэтага года па лініі Інтэрпола Беларусь супрацоўнічала з калегамі больш чым са ста дзяржаў па 18 асноўных кірунках дзейнасці.
Паводле слоў начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Віктара Юзэфовіча, на сёння Міністэрствам унутраных спраў Беларусі заключана звыш 20 міждзяржаўных, каля 30 міжурадавых і 40 міжведамасных міжнародных дагавораў, якія дазваляюць ажыццяўляць супрацоўніцтва па шырокім спектры кірункаў дзейнасці МУС.
- Пералік тых кірункаў дзейнасці, у якіх мы працуем, пастаянна пашыраецца, — паведаміў В.Юзэфовіч. — У распрацоўцы зараз знаходзяцца праекты пагадненняў па арганізацыі бяспекі грузавых перавозак, барацьбе з незаконным абаротам зброі.
Гаворачы аб міжнародным супрацоўніцтве Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі ў сферы барацьбы са злачыннасцю, намеснік начальніка ўпраўлення прававога забеспячэння і міжнародных сувязей КДБ Уладзімір Твароўскі адзначыў цеснае ўзаемадзеянне найперш са спецслужбамі Расіі, шэрагу краін СНД (Украіна, Казахстан, Малдова). Усяго, паводле яго слоў, КДБ Беларусі супрацоўнічае прыкладна з 30 спецслужбамі больш чым 20 дзяржаў.
Начальнік прэс-цэнтра Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка адзначыў, што органы пагранічнай бяспекі Беларусі ў першую чаргу выбудоўваюць міжнародныя адносіны з сумежнымі краінамі: Літвой, Латвіяй, Польшчай, Расіяй і Украінай. Аднак інтарэсы міжнароднага супрацоўніцтва, паводле слоў А.Цішчанкі, не абмяжоўваюцца ўзаемадзеяннем толькі з суседнімі дзяржавамі. "У нас ёсць добры кантакт і абмен вопытам з Францыяй, Фінляндыяй, Германіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Славакіяй", — заявіў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта, паведамляе БелаПАН.






