- Недахопу алкаголю ў Беларусі няма, — заявіў 24 ліпеня на прэс-канферэнцыі намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун.
Разам з тым ён зазначыў, што ў спажыванні спіртнога "мы хутка перакрочым рубеж у 12 літраў на душу насельніцтва". "Размова ўжо ідзе аб дэградацыі нацыі", — лічыць міністр.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовых тавараў Мінгандлю Любові Язэпчык, "алкагольная прадукцыя ў магазінах прадстаўлена ў вельмі шырокім асартыменце". "Віно паступае з Чылі, Аргенціны, Францыі, Іспаніі. Спецімпарцёры працуюць і пастаўляюць прадукцыю, — зазначыла яна. — Адразу ж пасля аб'яўлення пераможцаў конкурсу на вызначэнне спецімпарцёраў алкагольнай прадукцыі, Міністэрства гандлю выдала ім ліцэнзіі тэрмінам да 1 верасня 2008 года. У найбліжэйшы час вызначацца спецімпарцёры, якім выдадуць ліцэнзіі з верасня да канца года. Іх спіс будзе абнародаваны на сайце міністэрства".
Л.Язэпчык паведаміла, што за паўгода ў Беларусі павялічылася спажыванне гарэлкі — на 5%, лікёра-гарэлачных вырабаў — на 1%, вінаградных він — на 1%. "Радуе тое, што скарацілася спажыванне пладовых він — на 11%", — сказала начальнік упраўлення, паведамляе БелаПАН.




