27 жніўня завяршыўся другі этап тактычных вучэнняў са злучэннямі і вайсковымі часцямі ВПС і войскаў СПА Беларусі.
Як паведаміў начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык, чыгуначны эшалон з ваеннай тэхнікай зенітных ракетных брыгад, задзейнічаных у вучэннях, прыбыў на палігон Ашулук у Астраханскай вобласці Расіі. Ваеннаслужачыя праводзяць рэкагнасцыроўку на мясцовасці, займаюць новыя пазіцыйныя раёны.
Трэці этап вучэнняў пачнецца 28 жніўня. Плануецца, што ў гэты дзень ваенна-транспартным самалётам Іл-76 на расійскі палігон будзе перакінуты асабісты склад беларускіх зенітных падраздзяленняў.
Вучэнні праводзяцца з 19 жніўня па 11 верасня. У іх задзейнічаны: камандаванне ВПС і войскаў СПА, упраўленні Заходняга і Паўночна-заходняга аператыўна-тактычных камандаванняў, упраўленні злучэнняў і вайсковых часцей віду УС, баявыя разлікі 15-й (штаб у Фаніпалі, Мінская вобласць), 56-й (штаб у Слуцку, Мінская вобласць) і 147-й (штаб у Бабруйску, Магілёўская вобласць) зенітных ракетных брыгад, паведамляе БелАПАН.






