28-08, 11:32

Нацбанк Беларусі дадаткова выпусціць шэраг памятных манет

Як патлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, у асноўным дадаткова будуць адчаканены манеты, якія выпускаюцца ў рамках міжнародных манетных праграм. Так, у рамках такіх праграм выйдуць у абарачэнне манеты "Алімпійскія гульні 2010. Фігурнае катанне" і серыі "Казкі народаў свету" — "Турандот".

У рамках манетнай праграмы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў — удзельніц ЕўрАзЭС будуць выпушчаны манеты "Мінск. Сталіцы краін ЕўрАзЭС".

Выпуск залатых памятных манет з устаўкамі з брыльянтаў прадоўжыць манета "Рысь".

Акрамя гэтага, улічваючы павялічаны попыт на еўрапейскім рынку на сярэбраныя памятныя манеты з устаўкамі з крышталяў "Свароўскі", рыхтуюцца да чаканкі таксама дзве памятныя манеты — "Рысь" (з эскізам ідэнтычным залатой памятнай манеце "Рысь"), а таксама — "Рысі".

Да канца гэтага года ў рамках міжнародных манетных праграм будуць адкрыты дзве новыя серыі: "Праваслаўныя святыя" і "Парусныя караблі". У серыі "Праваслаўныя святыя" выйдуць памятныя манеты, прысвечаныя Серафіму Сароўскаму, Сергію Раданежскаму, Мікалаю Цудатворцу, Пантэлеймону, Ефрасінні Полацкай, а ў серыі "Парусныя караблі" — парусніку "Сядоў".

Акрамя міжнародных праграм, з улікам змяненняў і дапаўненняў у намечаныя раней планы, да канца гэтага года выйдуць манеты "Давыд Гарадзенскі" серыі "Умацаванне і абарона дзяржавы", "Дзяды" серыі "Святы і абрады беларусаў" і "Заказнік "Ліпічанская Пушча" серыі "Заказнікі Беларусі". 

За 11 гадоў з дня выпуску першай манеты Нацбанкам Беларусі выпушчана ў абарачэнне каля 100 іх найменняў. Усе гэтыя гады Нацбанк эксперыментаваў у дызайне манет, у прымяненні новых тэхналогій. У выніку манеты высока ацэньваліся на міжнародным узроўні. У выпуску сваіх манет Нацбанк Беларусі актыўна супрацоўнічае з Каралеўскім манетным дваром Вялікабрытаніі, Польскім, Швейцарскім, Літоўскім, Берлінскім і іншымі манетнымі дварамі, паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя