29 жніўня пачаўся трэці этап тактычных вучэнняў са злучэннямі і часцямі ВПС і войскаў СПА Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык.
Вучэнні праводзяцца з 19 жніўня па 11 верасня. У іх задзейнічаны камандаванне ВПС і войскаў СПА, упраўленні Заходняга і Паўночна-заходняга аператыўна-тактычных камандаванняў, упраўленні злучэнняў і вайсковых часцей віду УС, баявыя разлікі 15-й (штаб у Фаніпалі, Мінская вобласць), 56-й (штаб у Слуцку, Мінская вобласць) і 147-й (штаб у Бабруйску, Магілёўская вобласць) зенітных ракетных брыгад.
У рамках трэцяга этапу на расійскім палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці Расіі будуць адпрацаваны пытанні кіравання злучэннямі і вайсковымі часцямі ВПС і войскаў СПА падчас вядзення баявых дзеянняў. 3 верасня баявыя разлікі трох зенітных ракетных брыгад правядуць баявыя пускі. Будуць задзейнічаны зенітныя ракетныя комплексы С-300 і "Бук".
Асабовы склад брыгад, што ўдзельнічаюць у вучэннях, быў дастаўлены ў новы пазіцыйны раён камбінаваным спосабам, тэхніка і ваеннаслужачыя 56-й і 147-й брыгад — чыгуначным эшалонам, ваеннаслужачыя 15-й брыгады — паветраным транспартам.
Разам з падраздзяленнямі 15-й брыгады 28 жніўня на палігон Ашулук прыбыў камандуючы ВПС і войскамі СПА генерал-маёр Ігар Азаронак.
Плануецца, што за баявымі пускамі 3 верасня будзе назіраць міністр абароны Беларусі генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў.
Мэта вучэнняў — забеспячэнне падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання войскаў да комплексных аператыўных вучэнняў Узброеных сіл "Восень-2008", якія пройдуць у кастрычніку на тэрыторыі Беларусі, паведамляе БелаПАН.






