07-10, 18:39

Праект дзяржпраграмы садзейнічання занятасці насельніцтва

Праект дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі на 2009—2010 гады неабходна збалансавць з іншымі дзяржпраграмамі. Такую задачу паставіў 7 кастрычніка на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, паведамляе прэс-служба ўрада.

"Праграма садзейнічання занятасці — вяршыня піраміды, — сказаў С.Сідорскі. — Яна павінна завяршаць сабой усе праграмы, што ўжо прыняты і рэалізуюцца, у плане напаўнення кадрамі прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць або ствараюцца".

Прэм'ер-міністр заявіў, што яго асабліва клапоціць сітуацыя з кадрамі ў будаўнічай галіне. "Прынята франтальная праграма мадэрнізацыі галіны, у яе будуць укладзены значныя фінансавыя сродкі. Без якаснага і колькаснага павелічэння кадравага патэнцыялу, без вяртання з-за мяжы кваліфікаваных будаўнічых кадраў рэалізаваць гэту праграму будзе вельмі складана, праблематычным стане і выкананне заданняў па будаўніцтве жылля ў рэспубліцы", — падкрэсліў ён.

Апрача таго, у краіне рэалізуецца інавацыйная праграма, у адпаведнасці з якой ідзе маштабная мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў і ствараюцца новыя вытворчасці. Гэтыя прадпрыемствы павінны быць укамплектаваны прафесійнымі кадрамі, падкрэсліў кіраўнік урада.

Асаблівую ўвагу, лічыць С.Сідорскі, неабходна надаваць малым і сярэднім гарадам. Гаворка ідзе аб планах па стварэнні ў такіх рэгіёнах працоўных месцаў, новых вытворчасцей.

На думку прэм'ера, "параметры павелічэння колькасці занятых у эканоміцы Беларусі павінны быць максімальнымі". Прычым параметр колькасці занятых у эканоміцы павінен быць увязаны і з падрыхтоўкай новых кадраў, і з забеспячэннем іх эфектыўнымі працоўнымі месцамі, і з задавальненнем патрэбы ўсіх галін эканомікі ў рабочых руках.

Паводле слоў міністра працы і сацыяльнай абароны Уладзіміра Патупчыка, "упершыню ў праграме замацоўваюцца такія высокія лічбы прыросту колькасці занятых у эканоміцы — па 120 тыс. чалавек у год".

У.Патупчык падкрэсліў, што на "наступны год складзены прадуманы баланс попыту і прапановы рабочай сілы". Наяўныя вакансіі ў краіне і рабочыя месцы, якія ствараюцца,  даюць магчымасць працаўладкаваць неабходную колькасць работнікаў — як тых, хто самастойна шукае працу, так і тых, хто вернецца з-за мяжы з заробкаў (паводле ацэнак, за межамі Беларусі працуюць каля 154 тыс. чалавек), паведамляе БелаПАН.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя