08-10, 10:33

У Брэсце адкрылася выстава на тэму злачынстваў вермахта ў Польшчы

У выставачнай зале каля Холмскіх варот мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" 7 кастрычніка адкрылася выстава "З найвялікшай жорсткасцю… Злачынствы вермахта ў Польшчы, верасень—кастрычнік 1939 года".

Прадстаўлена 36 планшэтаў, дзе размешчана 120 гістарычных фотаздымкаў і дакументаў аб злачынствах гітлераўцаў на тэрыторыі Польшчы ў гэты перыяд Другой сусветнай вайны.

Экспазіцыя створаная польскімі і нямецкімі гісторыкамі. У 2004 годзе яна ўпершыню была паказаная ў Польшчы, потым адправілася ў Германію і Чэхію. У ліпені гэтага года з ёю азнаёміліся жыхары Мінска.

Ініцыятарам правядзення выставы ў абласным цэнтры выступіла генеральнае консульства Польшчы ў Брэсце.

"Гэта наш другі сумесны гістарычны праект з музеем абароны Брэсцкай крэпасці. У лістападзе 2007 года тут адбылася выстава "57 месяцаў акупацыі", створаная супрацоўнікамі музея Незалежнасці ў Варшаве і прысвечаная падзеям у Польшчы ў гады Другой сусветнай вайны, — зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН генеральны консул Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Яраслаў Ксёнжэк. — Такія экспазіцыі, заснаваныя на архіўных дакументах, успрымаюцца па-асабліваму тут, на свяшчэннай зямлі Брэсцкай крэпасці. Я думаю, наша супрацоўніцтва будзе працягвацца".

У адкрыцці выставы ўзялі ўдзел пасол Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін, прадстаўнікі дыпламатычных місій у Брэсце, мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, творчай інтэлігенцыі, супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу, вученыя і студэнты-гісторыкі, палякі, якія жывуць у Брэсце.

Выстава будзе працаваць да 31 кастрычніка, паведамляе БелаПАН.

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя