7 кастрычніка ў ваенным гарадку "Уручча" на ўскраіне Мінска адбылося ўрачыстае адкрыццё новай базы палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) ГУУС Мінгарвыканкама.
У цырымоніі ўзялі ўдзел дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Юрый Жадобін, міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, старшыня Мінскага гарвыканкама Міхаіл Паўлаў, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Леанід Фармагей, новы камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў (вайсковая часць № 3214) палкоўнік Юрый Караеў, а таксама афіцэры, якія камандавалі гэтым падраздзяленнем у розныя гады.
Адкрыццё базы прайшло напярэдадні 20-годдзя палка, які быў створаны ў 1988 годзе.
Паводле слоў У.Навумава, адкрыццё новай базы ён расцэньвае як крэдыт даверу, каб парадак і грамадская бяспека ў сталіцы былі вышэйшыя. Ён паведаміў, што ў найбліжэйшы час на тэрыторыі базы з'явіцца жылы комплекс для супрацоўнікаў палка і аб'екты для іх спецпадрыхтоўкі.
Як заявіў Ю.Жадобін, ніколі выкананне задач, пастаўленых перад палком, не было сарвана, гэтыя задачы заўсёды выконваліся надзейна.
М.Паўлаў падзякаваў супрацоўнікам палка за працу па падтрыманні парадку ў горадзе, асабліва пры правядзенні дзяржаўных мерапрыемстваў і святаў, паведамляе БелаПАН.






