Новы навучальны год у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі пачнецца ўрачыстай месай, якую 11 кастрычніка правядзе епіскап Гродзенскай епархіі Аляксандр Кашкевіч. Богаслужэнне пройдзе ў Фарным касцёле горада, у ім прымуць удзел студэнты і выкладчыкі семінарыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у семінарыі.
Меса будзе праведзена за плённую вучобу, а таксама за спонсараў, якія матэрыяльна падтрымліваюць семінарыю. У час літургіі сямёра студэнтаў трэцяга курса ўпершыню ў сваім жыцці адзенуць сутаны.
Перад пачаткам заняткаў першакурснікі прайшлі ўводны курс: сустрэліся з епіскапам, рэктарам, духоўным айцом і выкладчыкамі семінарыі, прынялі ўдзел у Хрэсным ходзе. Штогод перад пачаткам навучальнага года для семінарыстаў арганізуюцца рэкалецыі - духоўныя практыкаванні, якія ў гэтым годзе прайшлі з 29 верасня па 3 кастрычніка пад кіраўніцтвам айца Іосіфа Макарчыка, настаяцеля гродзенскага прыхода Маці Божай Анёльскай.
У гэтым годзе значную матэрыяльную дапамогу семінарыі аказалі Гродзенскі выканкам і найбуйнейшыя прадпрыемствы горада: ААТ "Гродна Азот", ААТ "Гродна Хімвалакно", ТАА "Біякам". Плануецца, што гэтыя сродкі пойдуць на касметычны рамонт фасадаў і даху навучальнай установы.
На першы курс прынята 10 маладых людзей, у 2007-м - 16. Праблем з размяшчэннем студэнтаў няма, але існуе недахоп прызванняў да свяшчэнніцтва, адзначылі ў семінарыі, якая гатова прыняць да 50 першакурснікаў.
Стаць семінарыстам не так проста: абітурыент здае экзамен у форме тэсціравання, якое ўключае ў сябе асноўныя пытанні Катэхізіса, вучэння Каталіцкай царквы і Святога Пісання. Малады чалавек павінен напісаць сачыненне на тэму прызвання да свяшчэнніцтва і прайсці кваліфікацыйную гутарку з членамі эказаменацыйнай камісіі. Абітурыент таксама прадастаўляе дакументы, якія сведчаць аб тым, што ён вернік, актыўна ўдзельнічае ў жыцці Царквы.
Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя была заснавана ў 1990 годзе архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам. За 18 гадоў яе выпускнікамі сталі больш як 160 свяшчэннікаў, сярод якіх каля 90 працуюць у Гродзенскай епархіі, а астатнія - у іншых епархіях у Беларусі, Расіі, Украіне, Казахстане.
Згодна з традыцыяй навучанне ва ўсіх каталіцкіх семінарыях свету пачынаецца ў першай палавіне кастрычніка, паведамляе БЕЛТА






