08-10, 15:38

Музей гісторыі пажарнай службы адкрыецца ў Гродне 10 кастрычніка

Урачыстае адкрыццё музея гісторыі пажарнай службы адбудзецца ў Гродне 10 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА у абласным упраўленні МНС.

Музей размясціўся на базе рэканструяванай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці нумар 1 Гродзенскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Як адзначылі ва ўпраўленні, пасля адкрыцця пажарнай часці і музея ў турыстычным маршруце Гродна з'явіцца новы прыпынак. Музей знаходзіцца ў гістарычным будынку - Каланчы, пабудаванай у Гродне для нагляду за ўзгараннямі пасля страшнага пажару 1885 года. Амаль адначасова з ёй з'явіўся і будынак для першых гродзенскіх брандмайстраў.

Экспанаты для музея збіралі па асабістых калекцыях у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Варшаве, для чаго спатрэбілася нямала сродкаў. Нават увялі ў штат стаўку музейнага работніка і ўзялі спецыяліста, які ўзначаліў работу па збору экспанатаў і фарміраванню выстаўкі. Несумненна, наведвальнікаў зацікавіць і дыярама, на якой паказаны пажар у Гродне ў 1885 годзе.

Чакаецца, што на цырымоніі адкрыцця будуць прысутнічаць міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аркадзь Карпуць, старшыня гарвыканкама Аляксандр Антоненка, паведамляе БЕЛТА

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя