9 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях падаткаабкладання.
Асноўныя змяненні датычацца законаў "Аб падатку на дададзены кошт", "Аб падатку на даходы і прыбытак", "Аб падаходным падатку з фізічных асоб", "Аб падатку на нерухомасць", "Аб дарожных фондах у Рэспубліцы Беларусь" і Агульнай часткі Падатковага кодэкса.
Законапраект прадугледжвае змяненне дзейнай шкалы падаходнага падатку. Прапануецца ўстанавіць лінейную стаўку ў 12% адносна даходаў, атрыманых як па месцы асноўнай працы, так і ў іншых месцах. Велічыня стандартнага падатковага выліку ўстаноўлена ў беларускіх рублях і павялічана да 250 тысяч рублёў адносна даходаў, якія не перавышаюць паўтара мільёна рублёў у месяц.
Паводле слоў намесніка старшыні камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Святланы Гіль, прымяненне адзінай стаўкі ў 12% і падатковага выліку на названых умовах не прывядзе да росту падатковай нагрузкі.
Законапраект таксама прапануе ўстанавіць лінейную стаўку падаходнага падатку ў памеры 15% адносна даходаў індывідуальных прадпрымальнікаў.
Дакумент уключае ў закон аб падатку на дададзены кошт палажэнне, якое прадугледжвае вызваленне ад ПДК абаротаў па рэалізацыі тавараў, вырабленых навучэнцамі ва ўстановах адукацыі.
У законе аб падатку на даходы і прыбытак прадугледжана адмена ў мэтах падаткаабкладання нармавання расходаў на аўдыт і расходаў на падрыхтоўку кадраў. Прапануецца таксама прадугледзець выплату падатку на прыбытак установамі, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зыходзячы з фактычных вынікаў работы за год з сумы перавышэння даходаў над расходамі, паведамляе БелаПАН.






