Рамонтныя работы сш №1 горада Белаазёрска, што ў Берасцейскай вобласці, могуць зацягнуцца да будучага лета.
Па словах дырэктара школы Генадзя Карпука, зараз усе сілы кінуты на мантаж ацяпляльнага абсталявання, каб памяшканне школы пачало абагравацца з пачатку ацяпляльнага сезону ў межах 15 кастрычніка. Трэба адзначыць, што да гэтага часу ў школе не працуюць сталовая і спартыўная зала. Частка вучняў пачатковых класаў займаецца ў гімназіі, частка – у вучэбна-вытворчым камбінаце.
З камбіната дзеці бегаюць у сталоўку гімназіі пры адлегласці болей кіламетра, выкарыстоўваючы для гэтага перамену і частку ўрока фізкультуры. Кіраўніцтва школы ішло на розныя варыянты, каб паскорыць рамонтныя работы. Тыдзень займаліся па 35 хвілін, на два дні адпраўлялі вучняў 8-х класаў на ўборку калгаснай бульбы. Цяпер рамонтныя работы вядуцца паралельна з вучэбным працэсам.
Праўда, дырэктар школы настроены аптымістычна. Ён апраўдвае такое становішча вялікім аб’ёмам работы і недахопам будаўнічых кадраў. Але, каб яму ў траўні месяцы далі паўтара мільярды рублёў, якія патрэбны на рэканструкцыю, то сітуацыя была б іншай: ён наняў бы дадатковыя будаўнічыя сілы.
А зараз трэба падзякаваць Богу за пацяпленне і бацькам дзяцей за цярпенне.
Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя






